У большай ці меншай ступені захоўвалася ў духоўнай культуры многіх народаў нават пасля прыняцця адной з сусветнай рэлігій, што было звязана з захаваннем традыцый у сферы працоўнай дзейнасці, штодзённых паводзін, а таксама з непаўнатой ведаў чалавека аб прыродных і сацыяльных з'явах, немагчымасцю поўнасцю падначаліць сабе сілы прыроды.
Для язычніцтва характэрны вера ў шматлікіх багоў і божастваў (політэізм); абагаўленне розных прыродных сіл і стыхій (пантэізм); перакананне ў рэальным існаванні душы, добрых і злых духаў (анімізм); надзяленне чалавечымі рысамі і якасцямі прыродных з'яў, багоў, міфічных істот (антрапамарфізм); вера ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў (фетышызм); уяўленні аб звышнатуральнай роднасці паміж людзьмі і пэўным відам жывёл, раслін (татэмізм); магічныя дзеянні; культ продкаў.
Прыхільнікі язычніцтва — язычнікі (паганцы) — прыносілі разнастайныя ахвярапрынашэнні (часцей прадукты харчавання, расліны, радзей — жывёл і нават людзей) шматлікім божаствам, пакланяліся духам рэк, азёр, лясоў, асобных жывёл, а таксама дрэвам, камяням, крыніцам і г.д. Найбольш паважаныя язычніцкія багі славянскіх плямёнаў — Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Сварог (бог неба) і яго сын Даждзьбог (бог сонца). Язычніцкія культавыя збудаванні называліся капішчамі (свяцілішчамі). У цэнтры капішчаў знаходзіліся драўляныя ці каменныя ідалы, каля якіх праводзіліся святкаванні, выконваліся рытуальныя дзеянні.